ПРЫКА́ЗЫ ГРАМА́ДСКАЙ АПЕ́КІ (рус. приказы общественного призрения),
губернскія адм. ўстановы ў Рас. імперыі, створаныя паводле адм. рэформы 1775. Складаліся з 6 засядацеляў (па 2 ад кожнага з трох саслоўных судоў), узначальвалі іх губернатары. Загадвалі ўстановамі, якія ўтрымліваліся за кошт сродкаў урада і дабрачыннасці: шпіталямі, бальніцамі, багадзельнямі, сіроцкімі дамамі і некат. турэмнымі ўстановамі — «работнымі» і «ўціхамірвальнымі» дамамі. П.г.а. скасаваны ў большасці губерняў у выніку земскай рэформы 1864 і гарадской рэформы 1870—75 (функцыі перайшлі да земстваў і губ. праўленняў), але захаваліся ў тых губернях, дзе не ўводзіліся земствы: Архангельскай, Арэнбургскай, Астраханскай, беларускіх (у 1911 земствы ўведзены ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ.), прыбалт., польскіх і некат. інш.
т. 13, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)